ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.

М.У.Бычкоў.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)